WYSIWYG Web Builder
Аб чым пісаў першы нумар газеты "Голас душы"
35 гадоў таму назад выйшла парафіяльная газета "Голас душы". Разнастайныя цікавыя і змястоўныя матэрыялы выдання заслугоўваюць увагу і сёння. Прапануем наведвальнікам сайта невялікі экскурс па першым нумары, які выйшаў у лютым 1991 года напярэдадні Вялікага посту.
Газету адкрывае "Слова да чытачоў":

"Дарагія браты і сёстры!

Вы трымаеце ў руках першы нумар газеты "Голас душы" — выданне Міёрскага касцёла. Вельмі спадзяемся, што наша праца над гэтым нумарам прынясе пэўную карысць, знойдзе водгук у вашых сэрцах. Дзеля гэтага мы і працавалі над ім.

<...>Мы маем намер друкаваць матэрыялы па ўсіх аспектах Каталіцкага Касцёла. З дапамогай газеты спадзяемся пашыраць вашыя веды Святога Пісання, знаёміць з літургікай і тлумачыць яе значэнне, з гісторыяй каталіцтва ва ўсім свеце і, вядома ж, Беларусі. Напэўна нашым чытачам будуць карысныя матэрыялы з жыццяпісу святых Касцёла, пакутнікаў за веру. На старонках нашага выдання мы збіраемся весці гутаркі пра здаровы лад жыцця, пра тое, якой павінна быць сучасная сям'я, як мы павінны будаваць свае адносіны з бацькамі і нашымі дзецьмі, пра тое, якімі, зрэшты, мы павінны быць — каб у часе апошняй зямной гадзіны не давялося журботна шкадаваць аб марна патрачаным жыцці, аб няйздейсненых добрых справах, на якія чамусьці не хапіла альбо жадання, альбо волі, альбо мужнасці. Мы спадзяемся на шчырую размову на старонках "Голаса душы". Таму і назву выбралі менавіта гэткую, якая, верыцца, запатрабуе ад яе аўтараў шчырасці, сардэчнасці, дабрыні.

Такой бачыцца наша газета. Маем спадзяванні, што яна будзе цікаваю і для моладзі, і для людзей старэйшага ўзросту. Каб гэта было менавіта так, чакаем вашых прапаноў, пажаданняў.
<...>
На першай старонцы пад вялікім і прыгожым фотаздымкам Эрнэста Цецярэўскага, на якім праз адчыненую браму па снезе вядзе сцяжынка да касцёла, размешчаны невялікі але вельмі глыбокі тэкст:

"Успенскі касцёл у Міёрах узнёс свае крыжы да неба ў пачатку гэтага стагоддзя. Вось ужо 83 гады ягоныя дзверы зычліва адчыненыя для вас, парафіяне. Сюды вы неслі і прыносіце свае радасці, сумненні, боль, смутак. У ім вы ачышчаеце свае душы, знаходзіце адказы на складаныя праблемы, якія ставіць перад вамі жыццё.

Касцёл прымае ўсіх: і тых, хто ўжо знайшоў для сябе Праўды Веры, і тых, хто пакутліва іх шукае, і тых, хто пакуль яшчэ мала дбае аб сваёй душы.

Прыходзьце ў касцёл. Тады, калі вы чуеце ў сваёй душы радасць і шчасце. Тады, калі вашую душу агарнулі смутак і сумненні. Прыходзьце.

Нават, калі вы не лічаце сябе вернікам. Пасядзіце. Памаўчыце. Паслухайце сваю душу ў храме...

І вам палягчэе...
А пасля падумайце, як будзеце жыць далей..."

Увогуле першы нумар быў прысвечаны тэме Вялікага посту. У газеце былі змешчаны асноўныя малітвы на беларускай мове, парадак набажэнстваў у касцёле, каталіцкі каляндар на перыяд Вялікага посту, фрагмент Евангелля паводле Мацвея на пачатак посту і адпаведнае разважанне ксяндза Уладаса Пятрайціса, якое плануем змясціць крыху пазней, а таксама артыкулы пра сакрамант споведзі, Крыжовую дарогу і іншыя.

У газеце чытаем, што святыя Імшы ў Міёрскім касцёле адбываліся ў нядзелю а 10-ай гадзіне (на беларускай мове) і а 12-ай гадзіне (на польскай мове), з панядзелка па чацвер — а 8-ай гадзіне, у пятніцу і суботу — а 19-ай гадзіне. У суботу Імша цэлебравалася на рускай мове. Падчас Вялікага посту кожную пятніцу ў 18.15 і кожную нядзелю а 11-ай гадзіне адбывалася Крыжовая дарога.

Як бачым у газеце сапраўды друкаваліся актуальныя матэрыялы, якія сёння дапамагаюць нам дакрануцца да гісторыі і лепш зразумець згаданы перыяд. Многія парафіяне не проста чыталі але захоўвалі і раз-пораз перачытвалі "Голас душы". Наша парафіянка Станіслава Рачыцкая доўгія гады захоўвала ўсе восем нумароў газеты, а потым, разам з іншымі матэрыяламі, перадала іх для архіва парафіі каб гістарычная спадчына не знікла, а засталася надалей.


Жанна Закрэўская

08.02.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by