"Хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці" - кажа Езус. ...Марыя для кожнага з нас з'яўляецца прыкладам і ўзорам выканання Божай волі. Марыя сказала Богу: "Так. Няхай мне станецца паводле Твайго слова". І праз усё жыццё яна выконвала волю Божую. Яна з'яўляецца для нас узорам пакоры, паслухмянасці, сціпласці. Веруючы чалавек не можа абмінуць ролю Божай Маці ў сваёй веры. Марыя прыняла і працягвае прымаць удзел у гісторыі збаўлення кожнага з нас. Марыя ёсць усюды побач з намі. Можна сказаць: "Там дзе ёсць Сын, ёсць і Маці".
У аб'яўленні на гары Кармэль Марыя паабяцала кожнаму, хто будзе насіць шкаплер, сваю мацярынскую апеку. Паабяцала, што захавае таго чалавека ад агню пякельнага. Марыя для кожнага з нас стала Маці, якая чувае, якая гатовая нас падтрымаць, якая гатовая нас выратаваць..."
Напрыканцы Літургіі ксёндз-канонік Віктар Місевіч асвяціў ўстаноўленую ў святыні фігуру Маці Божай Шкаплернай. Затым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і працэсія вакол касцёла.
Жанна Закрэўская, тэкст і фота