WYSIWYG Web Builder
Молімся разам з Папам: каб усе мелі доступ да ежы
У маі 2026 года Леў XIV запрашае маліцца аб дары адказнага стаўлення да ежы і аб тым, каб яна была даступнай кожнаму. Ён агучыў сваю інтэнцыю на бліжэйшы месяц у відэароліку Папскай сусветнай сеткі малітвы.
“Молімся, каб усе – ад буйных вытворцаў да дробных спажыўцоў – пазбягалі марнавання ежы і імкнуліся забяспечыць доступ кожнага да якасных прадуктаў харчавання”, — так гучыць малітоўная інтэнцыя Святога Айца.

У відэароліку, знятым у старажытнай капліцы святога Перыгрына, якая знаходзіцца ў некалькіх кроках ад галоўнай уваходнай брамы ў Ватыкан, Пантыфік просіць Бога зрабіць усіх людзей уважлівымі да базавых патрэбаў сваіх бліжніх.

“Пане, Стварыцелю свету, Ты падарыў нам урадлівую зямлю і разам з ёй наш штодзённы хлеб як знак Тваёй любові і Твайго клопату. Сёння мы з болем усведамляем, што мільёны нашых братоў і сясцёр па-ранейшаму пакутуюць ад голаду, у той час як на нашых сталах знікае столькі ежы.

Абудзі ў нас новую свядомасць, каб мы навучыліся дзякаваць за ежу, спажываць яе з прастатой, дзяліцца з радасцю і берагчы плады зямлі як Твой дар, прызначаны для ўсіх, а не толькі для нямногіх.

Добры Ойча, зрабі нас здольнымі пераўтварыць логіку эгаістычнага спажывання ў культуру салідарнасці. Зрабі так, каб нашы супольнасці прасоўвалі канкрэтныя дзеянні: кампаніі па павышэнні дасведчанасці, харчовыя банкі, сціплы і адказны лад жыцця.

Ты, Які паслаў Свайго ўмілаванага Сына Езуса – хлеб, паламаны для жыцця свету, – дай нам новае сэрца, якое прагне справядлівасці і братэрства. Няхай ніхто не будзе выключаны з агульнага стала, і няхай Твой Дух навучыць нас глядзець на хлеб не як на тавар, а як на знак адносін і клопату”, — памаліўся Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by