WYSIWYG Web Builder
Каб расцвілі кветкі святасці
18 лютага распачынаецца Вялікі пост перыяд літургічнага года, калі мы асаблівым чынам скіроўваем свой позірк на муку і смерць Езуса Хрыста. Той, хто жадае плённа перажыць гэты перыяд, імкнецца знайсці духоўныя парады. Прапануем вашай увазе разважанне ксяндза Уладаса Пятрайціса на перыяд Вялікага посту, якое было надрукавана ў першым нумары газеты "Голас душы".
У першы дзень Вялікага посту мы чытаем святое Евангелле паводле святога Мацвея (Мц 6, 1–6. 16–18 - заўв. рэд). Напэўна гэты ўрывак камусьці падасца занадта складаным. Ёсць і небяспека павярхоўнага прачытання, а, значыць, і павярхоўнага разумення. Калі не ўдумвацца ў глыбінны яго сэнс, можна ўбачыць толькі простыя рэкамендацыі: толькі ўнутраны настрой, толькі таемныя адносіны з Богам. А, можа, хто-небудзь зразумее і гэтак: мы павінны рабіць дабро не таму, што яно патрэбна Богу, а толькі таму, што за добрае Бог нас узнагародзіць.

Той, хто толькі так зразумеў гэты ўрывак Евангелля, не здолее знайсці тлумачэнне такому факту, як "Касцёл". Бо Касцёл праяўляе сябе адкрыта. Яго Бог не з'яўляецца Богам глыбока асабістым. Ён — агульны. Бог для ўсіх. Выратаванне душы дасягаецца не на адзіноце, адгарадзіўшыся ад людзей, але жывучы з людзьмі і для людзей. Толькі той, чыя душа здольная адкрыцца людзям, зможа знайсці ў сваім сэрцы Бога. Езус не асудзіў, не абверг  нашых адносін з людзьмі, тых адносін, якія заснаваныя на любові. Наадварот, Ён узвысіў іх і сваім жыццём даў нам прыклад найвышэйшай любові да людзей. Ён наказаў і сваім паслядоўнікам ісці менавіта гэткай дарогай. Словамі сённяшняга Евангелля Хрыстос нібы асуджае няшчырую набожнасць, няшчырую любоў да людзей. Ён асуджае і тыя нашыя дабрачыннасці, якія мы робім, ні на хвілю не забываючы на тое, што ж мы самі будзем мець ад нашай дабрыні.

Давайце паспрабуем паглядзець шырэй на тры рэлігійныя моманты ў Евангеллі: міласціну, малітву, пост.
Міласціна

У старажытнай габрэйскай рэлігіі была запаведзь дапамагаць бедным, удовам і сіротам. Сёння ў асноўным гэтым займаецца дзяржава. Яна ўтрымлівае бальніцы, прытулкі для састарэлых, дзіцячыя дамы, выплочвае пенсіі і дапамогі. Але ў дзейнасці дзяржавы заўсёды знойдуцца прабелы, запоўніць якія можам толькі мы, кожны з нас, хто здольны спачуваць чужой бядзе. Заўсёды ёсць раны, якім патрэбны добрыя, клапатлівыя рукі і сэрцы. У жыцці мы знойдзем сотні, тысячы выпадкаў, калі мы можам праявіць сваю любоў да людзей. Хрыстос папярэджвае нас, што дапамога, добрыя ўчынкі ў адносінах да іншых павінны выходзіць менавіта з любові да чалавека, якому цяжка, якому патрэбна наша дапамога. У адваротным жа выпадку, калі дабрачыннасць здзяйсняецца без любові, а толькі дзеля асабістай славы, карысці — гэта ганебна, бо прычынай зробленага дабра была не любоў, а самалюбства. Тут дарэчы ўзгадаць словы апостала Паўла: "Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, незайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, непамятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць." (1 Кар 13, 4-7.)

Калі мы жадаем дапамагчы іншым, не абавязкова мець шмат грошай. Галоўнае — мець у сэрцы пачуццё любові. А любоў заўсёды багатая. Дапамагчы старэнькаму, наведаць хворага, параіць таму, каму патрэбна гэтая парада, — любоў знаходзіць тысячы сродкаў, каб праявіць сябе!
Малітва

Сёння цяжка чалавеку маліцца. Часам ён не бачыць у гэтым неабходнасці. Сёння мы быццам перажываем "крызіс" малітвы. Прычына гэтага ў тым, што часта мы глядзім на малітву, як на нейкае магічнае заклінанне. І калі не выйшла менавіта так, чаго мы чакалі ад яе, на што спадзяваліся, чаго прасілі ў Бога, мы, разчараваныя, перастаём маліцца. Найчасцей жа мы просім таго, чаго не хапае асабіста нам дзеля кароткага чалавечага шчасця. У нашых спадзяваннях часта не знаходзіцца месца клопату аб праблемах свету, чалавецтва, Касцёла. Гэта збядняе нас.

Мы павінны маліцца зусім не для таго, каб прымусіць Бога задавальняць нашыя патрэбы і зрабіць Яго добразычлівым да нас — так робяць пагане. Наша ж малітва павінна стаць шчырай размовай з Айцом. Малітва павінна пашыраць нашае сэрца. У часе малітвы чалавек павінен быць на самоце, нібы ў добраахвотным адлучэнні ад усяго дробнага, мізэрнага, штохвіліннага. Але адначасова ён павінен памятаць пра ўсё, што адбываецца навокал: чужы боль і слёзы, чужыя няшчасці заўсёды павінны мець месца ў нашых малітвах. На кожнага з нас ускладваецца велізарная адказнасць: ад нашай малітвы залежыць у некаторай ступені і жыццё іншых — нашых блізкіх і родных, нашых сяброў і знаёмых, нашага народа.

У малітвах мы павінны ўзгадваць хворых і нямоглых, ахвяраў войнаў і беспрацоўных, пакрыўджаных, ашуканых, асуджаных. Калі мы ў нашай малітве прачуем усе раны чалавецтва, мы адчуем таксама і сваю адказнасць, сур'ёзней паглядзім на жыццё, а гэта ўжо і будзе асвячэннем нашай душы.
Пост

Пост вядомы ва ўсіх рэлігіях як форма пакаяння і малітвы. Хрысціяне посцяцца, наследуючы прыклад Езуса Хрыста і святых. Сваім постам яны нібы імкнуцца перапрасіць перад Богам за свае нядобрыя ўчынкі. Пост можна разумець у двух паняццях: якасным (калі чалавек адмаўляецца ад некаторых страў — мяса і мясных прадуктаў) і колькасным (калі чалавек проста абмяжоўвае сябе ў ежы).

Богу наш пост не патрэбны. Ён патрэбны нам самім, таму што пост надае нам ўпэўненасць: мы ўжо ведаем, што пры неабходнасці зможам сабе ў нечым адмовіць. Гэта безумоўна ўмацоўвае нашу волю. Але адмовіць сабе ў нечым — зусім не азначае, што чалавек пры гэтым павінен прыніжаць сябе фізічна. Галоўная мэта посту — раскрыць нашу душу. Мабыць, некаму можа здацца, што адмаўленне сабе ў нечым — глыбока асабістая справа. Але ж гэта не так. Бо той, хто па-сапраўднаму здольны адмаўляць сабе, можа жыць у грамадстве не крыўдзячы іншых, не замахваючыся на іх інтарэсы.

Наша вера вучыць нас жыць дзеля іншых. А жыць так мы зможам толькі тады, калі навучымся адмаўляць сабе.

Святы Аўгустын вучыць нас, што міласціна, малітва і пост з'яўляюцца нібы трохногай падстаўкай для вазы, у якой расцвітаюць кветкі святасці. У часе посту мы авалодваем сваім целам, міласэрнасць служыць нібы прымірэннем з Богам, малітва — наша сяброўства з Ім. Усё гэта вельмі важна для нас, бо робіць нас чалавечнымі.

Міласціна, малітва і пост ад чыстага сэрца — сведчанне, што мы здольныя быць лепшымі, здольныя абнаўляцца, удасканальвацца духоўна, што ў нас саміх нараджаецца новы чалавек.

кс.Уладас Пятрайціс
"Голас душы", №1, люты 1991 года

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by