З 22 па 24 сакавіка ў нашай парафіі прайшлі велікапосныя рэкалекцыі. Духоўныя разважанні, якія прапанаваў айцец Аляксандр Жарнасек МІС, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Росіцы, засяродзіліся вакол тэмы пакаяння.
У першы дзень рэкалекцый айцец Аляксандр звярнуў увагу на сэнс слова "пакаянне". У большасці выпадкаў мы ўспрымаем яго, як пералічванне сваіх грахоў на споведзі, але пакаянне — гэта найбольш глыбокае паняцце. Пакаянне, на грэцкай мове метанойя (μετάνοια) — гэта змена спосабу мыслення. Слова пакаянне найчасцей успрымаецца ў двух аспектах: змяніць спосаб мыслення (пачаць думаць па-новаму) або звярнуцца на 180 градусаў. Гэтыя два тлумачэнні ўзаемазвязаныя паміж сабой, бо калі мы змяняем свой спосаб мыслення, мы разварочваемся і змяняем свой лад жыцця.
Пакуль працэс пакаяння не адбываецца на самой справе, у нашым жыцці таксама нічога не змяняецца. Калі падчас споведзі няма пакаяння, то няма змены ў жыцці. З таго, што мы проста называем грэх, але не ўсведамляем яго, не ставім сабе мэту выправіцца, не ствараем план для змены нашага жыцця, споведзь не мае плён.
Часта людзі, якія рэдка ходзяць у касцёл і рэдка прыступаюць да споведзі, здзяйсняюць яе па-святатацку, бо не маюць сапраўднага пакаяння. Калі чалавек не бывае ў касцёле, не моліцца, не шукае шляхоў Божых, а прыходзіць да споведзі раз на год толькі таму, што так трэба, але не збіраецца нічога змяняць у сваім жыцці, то такая споведзь — гэта святатацтва. Калі чалавек не ўсвядоміў свайго граху, няма пакаяння.
Хрыстус, калі пачынае сваю дзейнасць, прапаведуе, каб мы задумаліся над сваім жыццём і пакаяліся. Пакаянне звязана з тым, што ў нейкі момант свайго жыцця мы пачынаем разумець, што нашае мысленне — гэта не Божае мысленне. Пан праз прарока Ісаю кажа: «Мае шляхі — не вашыя шляхі, Мае думкі — не вашыя думкі» (Іс 55, 8).
Працэс пакаяння звязаны з тым, што мы, як веруючыя людзі, пачынаем усур'ёз задаваць сабе пытанні: "Бог, а што Ты думаеш? Бог, а як правільна?" Гэта пачатак нашага пакаяння. Пакуль гэты працэс не адбываецца, ніякіх зменаў у нашым жыцці таксама не адбываецца.
Важна зразумець і ў пакоры прыняць тую праўду, што мы ў сваім мысленні былі несамастойныя. Мы лічам, што дарослыя і нас ніхто не змушае, у нас сфарміравалася ўласная пазіцыя, свае погляды, але гэта не так. Калі чалавек прыходзіць у свет як безабароннае дзіця, на яго пачынае ўплываць знешняе асяроддзе. Дзіця ўспрымае свет так, як успрымаюць яго родныя і блізкія. Гэта першы працэс фарміравання нашых думак, спосабаў мыслення. Так адбываецца ў жыцці кожнага чалавека. Наш спосаб мышлення фарміруецца ў залежнасці ад таго, з кім мы жывём, што чытаем, што слухаем, чаму верым.
Працэс пакаяння пачынаецца, калі мы ўсведамляем, што Бог думае не так, як мы, як нас навучылі. Каб пазнаць, якія думкі Божыя, трэба ўсур'ёз чытаць і вывучаць Святое Пісанне, без гэтага працэс пакаяння немагчыма распачаць. Езус прапаведваў сам і пасылаў сваіх вучняў абвяшчаць Божае Слова, бо гэта пачатак змены нашага спосабу мыслення.
Відэа гаміліі "Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Божае" можна паглядзець па спасылцы.
Другі дзень духоўных разважанняў быў прысвечаны тэме граху. Айцец Аляксандр звярнуў увагу на грэх, як духоўную рэчаіснасць. Святар адзначыў, што мы часцей за ўсё ўспрымаем грэх, як парушэнне нейкіх правіл. Стандарт нашага мыслення: калі мы не выконваем правілы (Божыя запаведзі), то Бог на нас гневаецца і карае. Людзі часам часта грашаць, бо калі ўчыняюць грэх, быццам нічога не здараецца, кара адразу не наступае.
На чалавека моцна ўплывае кантэкст культуры. Раней імкнуліся пазбягаць пэўных грахоў, бо ў сям'і, у вёсцы так ніхто не рабіў, так не прынята. Цяпер кантэкст культуры іншы, ён не стрымлівае ад граху і ў чалавека знікае страх Божы: а можа нічога страшнага з таго, што я раблю, нічога ж не здараецца, Бог не наказвае? У некаторых выпадках наступствы граху, на першы погляд, не бачныя і не заўсёды кара за грэх узнікае ў гэтым жыцці.
Што ж такое грэх? Грэх — гэта прысутнасць злога духа. Разабрацца, што з'яўляецца грахом мы можам толькі з міласэрнасці Божай. Самі гэтага ніколі не зразумеем, бо не маем духоўнай інтуіцыі, каб разабрацца: што можна, а што не; што грэх, а што не. Мы не маем такога позірку, чаму ў пэўных учынках прысутнічае злы дух і мы ўчыняем грэх. Мы гэтую інфармацыю атрымліваем ад Бога і верым Яму. Так пазнаём, што ёсць грэх.
Далей святар звярнуў увагу на тое, што пазнаць грэх мы можам толькі праз Святое Пісанне. Калі мы не пазнаём Евангелле, мы не пазнаём свае грахі. Кожны раз, калі мы грашым, мы нясём наступствы нашых грахоў. Калі грашаць людзі вакол нас — гэта таксама на нас уплывае.
Айцец Аляксандр заўважыў, што досвед уласнага жыцця даў яму зразумець, што Бог не карае чалавека за грэх у нашым звычайным разуменні. Сам грэх гэта і ёсць пракляцце. Паколькі грэх — гэта духоўная рэчаіснасць, мы самі не можам разабрацца, што ёсць грахом, мы не бачым, чаму так дзейнічае злы дух. Трэба каб Бог ачысціў нас ад грахоў праз Кроў Хрыста.
Калі чалавек спавядаецца рэдка, стандартна і машынальна называе адны і тыя ж грахі, не задумваючыся над імі, то нічога не змяняецца і грахі застаюцца. Мы павінны не толькі вызнаваць свае грахі, але разбіраць іх, імкнуцца не паўтараць. Пасля споведзі неабходна напаўняць сваю душу малітвай, пабожнымі разважаннямі, чытаць Слова Божае, каб у душы не было месца для дзеяння злога духа.
"Наша задача — быць блізка Бога каб пазнаваць Яго" — падсумаваў святар.
Відэа гаміліі "Грэх — духоўная рэчаіснасць" можна паглядзець па спасылцы.
У апошні дзень рэкалекцый айцец Аляксандр засяродзіў увагу на важнасці чытання і вывучэння Святога Пісання. Святар падкрэсліў, што калі мы не пазнаём мыслення Божага, а пазнаём мы яго праз Святое Пісанне, перш за ўсё, праз Евангелле, мы тады не змяняемся, працэс пакаяння не пачынаецца. Калі мы чытаем Святое Пісанне, мы пазнаём наш грэх. У чым воля Божая, мы таксама пазнаём праз Евангелле, якое прапаведваў Хрыстус. Святы Геранім пісаў: "Незнаёмы са Святым Пісаннем — незнаёмы з Хрыстом".
Святар звярнуў увагу на важнасць чытання і вывучэння Слова Божага. Айцец Аляксандр падкрэсліў, што пачаткам сапраўднага духоўнага жыцця ёсць сустрэча са Словам Божым. Хоць чытаць яго не так лёгка, але без сур'ёзнага пазнання Слова Божага, няма жыцця духоўнага.
Завяршаючы рэкалекцыі айцец Аляксандр пажадаў, каб зерне Божага Слова, якое Пан хоча пасадзіць ў сэрцы кожнага з нас, дало сапраўдны плён. Каб яно прарасло і мы зразумелі важнасць святога Евагнелля, каб не былі лянівыя да Слова Божага.
Відэа гаміліі "Няведанне Святога Пісання — гэта няведанне Хрыста" можна паглядзець па спасылцы.
Напрыканцы Імшы парафіяне выказалі словы ўдзячнасці айцу Аляксандру Жарнасеку за духоўныя разважанні і змястоўную навуку. Да слоў вернікаў далучыўся пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік, які падзякаваў айцу марыяніну за праведзеныя рэкалекцый і паслугу ў канфесіянале. Жанна Закрэўская