У штодзённасці мы звычайна робім вельмі шмат памылковага выбару і рашэнняў, з-за якіх усе сферы нашага жыцця, душы і цела, разбалансоўваюцца. Гэта прыводзіць да пустой траты жыццёвай энергіі, абяссільвання, страты жыццёвых арыенціраў. Знешне яно праяўляецца ў апатыі, абыякавасці, хістаннях паміж нервовай мітуснёй і нежаданнем дзейнічаць.
У выніку паглыбляецца схільнасць да гультайства, адсутнічаюць матывацыя і сілы, падыход да штодзённых заданняў становіцца ўсё больш павярхоўным, губляецца разуменне сэнсу і нават няма жадання яго шукаць. Каб не даводзіць сваё жыццё да поўнага краху і не карміцца ілюзорнымі «паляпшальнікамі» жыцця, неабходна рэгулярна праходзіць своесаблівы «духоўны медагляд» свайго жыцця (або «тэхагляд», калі такое параўнанне камусьці больш зразумелае), спалучаны з інтэнсіўным лячэннем (ці «рамонтам»). Гэта і ёсць рэкалекцыі (гл. ККК, 1787).
Разумеючы, наколькі важныя і жыццёва неабходныя рэкалекцыі для нармальнага функцыянавання асобы, першае, што неабходна для сябе вырашыць — гэта пастанавіць, каб з рэгулярнасцю як мінімум раз на год паўдзельнічаць у такіх духоўных практыкаваннях. Гэта дапаможа пазбегнуць сур’ёзных паломак і траўмаў, а таксама своечасова вылечыць розныя «пашкоджанні».
У рэкалекцыях, як у кожнай важнай справе, неабходна выразна для сябе акрэсліць тры фактары: мэту (чаго я хачу дасягнуць праз удзел у гэтых практыкаваннях?); прычыну (чаму я хачу ўдзельнічаць у гэтых практыкаваннях?); сродкі (што мне дапаможа ў гэтых практыкаваннях?). Кожныя рэкалекцыі прапаноўваюць адказ на гэтыя ключавыя пытанні, але гэтыя адказы могуць адрознівацца ад тых, што мы чакаем і шукаем перад уваходам у духоўныя практыкаванні. Розніца паміж нашымі ўяўленнямі і рэальнасцю можа быць вельмі вялікая, таму важна на самым пачатку рэкалекцый паставіць тое, што будзе адбывацца, вышэй за свае першапачатковыя чаканні, жаданні, уяўленні і ўстаноўкі. Неабходна настроіцца на прыняцце той рэальнасці, якую будзе адкрываць Бог на рэкалекцыях (гл. ККК, 1776).
Эфектыўнасць перажывання рэкалекцый напрамую звязана з тым, наколькі мы гатовыя да іх. Таму, калі мы хочам напоўніцу пагрузіцца ў духоўную праграму гэтых практыкаванняў і атрымаць максімальныя плады, якія рэальна палепшаць нашае жыццё, трэба сябе падрыхтаваць. Першае, што неабходна зрабіць, гэта знайсці час на ўсе дні рэкалекцый.
Падрыхтоўка да рэкалекцый — гэта таксама стварэнне ўмоваў, каб ніхто і нішто не перашкаджала пагрузіцца ў духоўную працу і інтэнсіўны дыялог з Богам. Таму варта звесці да мінімума ўсе сродкі камунікацыі і адкласці ўсе справы. Часам для гэтага трэба добра напрацавацца загадзя, каб не мітусіцца ў апошнюю хвіліну, а тым больш не зрывацца ў працэсе практыкаванняў.
У непасрэднай падрыхтоўцы да рэкалекцый вельмі важную ролю адыгрывае духоўны настрой (настаўленне). У першую чаргу, варта маліцца ў інтэнцыі ўдзелу ў іх і добрага перажывання, каб ніякія моцы зла не перашкодзілі.
Стрыжань рэкалекцый — гэта сустрэча з Богам у слове, малітве і святых сакрамантах. Таму ў духоўных практыкаваннях мы максімальна карыстаемся Святым Пісаннем, каб з дапамогай святара ўвайсці ў глыбіню дыялогу са словам Божым, у якім Слова пачне нас чытаць і адкрываць нам праўду (гл. ККК, 2653–2654). Вяршыня малітвы на рэкалекцыях — гэта пагружэнне ў жывую прысутнасць Хрыста «тут і цяпер» падчас Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Як і кожная малітва, яна мае фармат дыялогу. Спачатку мы расказваем Езусу, што ўжо адкрылі і як гэта разумеем, а пасля слухаем дзеянне Духа Святога ў сваёй душы. Ён паказвае, што ў нашым бачанні сапраўднае, а што нерэальнае і фальшывае, і адкрывае перспектывы далейшага шляху (гл. ККК, 2002).
Адным з важных пладоў рэкалекцый можа быць адкрыццё дагэтуль неспазнанай глыбіні набажэнстваў. Шматвяковы досвед Касцёла падказвае, што вельмі добрай дапамогай у паглыбленні жывога дыялогу з Богам з’яўляецца медытацыя Хрыстовых таямніцаў разам з Марыяй у святым Ружанцы, а таксама разважанне Крыжовага шляху Езуса (Мц 16, 24; ККК, 2029). Гэтыя, а таксама іншыя набажэнствы ўводзяць нас у глыбіню сузірання свайго жыцця праз прызму адносінаў і перажыванняў Хрыста, Марыі і святых.
Ніякая малітва не зраўняецца з велізарным акіянам Божай ласкі, які сплывае на чалавека праз удзел у святых сакрамантах (гл. ККК, 1129). На рэкалекцыях нам даецца магчымасць нанова адкрыць і перажыць спатканне з Езусам, асабліва ў сакрамантах пакаяння (споведзі) і Эўхарыстыі. Надзвычай важна ў часе духоўных практыкаванняў падрыхтавацца і перажыць рэкалекцыйную споведзь. Гэты асаблівы час дае нам магчымасць глыбей зазірнуць у таямніцу сваёй душы, прааналізаваць сваё жыццё, заўважыць праблемы, ад якіх мы звычайна ўцякаем, адкрыць у сабе Божыя дары і даверыць усё гэта дзеянню Божай ласкі і міласэрнасці.
Добра перажываныя рэкалекцыі адкрываюць так шмат усяго, што сам чалавек не здольны гэта агарнуць і асэнсаваць, таму варта прасіць святара аб духоўнай размове, каб з яго дапамогай без памылак разабрацца ва ўсім, што Бог адкрывае і да чаго заклікае (гл. ККК, 2686).
Добрае завяршэнне рэкалекцый — гэта рэальныя, канкрэтныя і цвёрдыя пастановы. Перамена жыцця адбываецца не тады, калі мы шмат ведаем, але тады, калі мы дзейнічаем. Таму варта зрабіць вельмі канкрэтныя высновы на сёння і на будучыню, зыходзячы з таго, што мы адкрылі, перажылі, абмеркавалі з Богам на малітве і са святаром у асабістай размове.
Паводле Ave Maria
Абноўлена 19.03.2026
Нагадваем, што ў адпаведнасці з Апостальскай Пенітэнцыярыяй 29 чэрвеня 1969 г. за ўдзел у рэкалекцыях, якія працягваюцца нават тры дні пры выкананні адпаведных умоў можна атрымаць поўны адпуст.
Хрысціянін, які ўчыніў грэх, пасля споведзі атрымлівае адпушчэнне віны і дараванне вечнай кары за гэты грэх. Аднак споведзь не выбаўляе нас ад часовай кары за грахі, якую нам трэба адбыць на зямлі альбо ў чыстцы. Ад гэтай часовай кары за нашыя грахі выбаўляе нас праз адпусты Касцёл па праву даручанай яму ўлады. Дзякуючы адпустам вернікі могуць атрымаць выбаўленне ад часовай кары за грахі для сябе, а таксама для душаў, якія знаходзяцца ў чыстцы.
Поўнае альбо частковае адпушчэнне кары за грахі, звязана з выкананнем пэўных умоваў. Для атрымання адпусту трэба быць у стане асвячальнай ласкі, прыняць святую Камунію, быць вольным ад усялякай прывязанасці да якога-небудзь граху, нават лёгкага, памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца: Ойча наш... Вітай, Марыя... і Хвала Айцу...