WYSIWYG Web Builder
Святы Пасхальны Трыдуум
Галоўная ўрачыстасць літургічнага года – падзея Вялікадня – уяўляе сабою драму ў трох дзеяннях і носіць назву «Святы Пасхальны Трыдуум» ці на латыні “Triduum Paschale”. Гэта назва распаўсюдзілася пасля літургічнай рэформы, праведзенай Папам Піем ХІІ, да гэтага часу ён называўся «Святым Трыдуумам».
Пасхальны Трудуум пачынаецца Імшой Вячэры Пана ў Вялікі чацвер, а заканчваецца ІІ Нешпарамі Вялікоднай нядзелі. Выраз «Трыдуум» паказвае, у першую чаргу, не на часавы прамежак з трох дзён, а на тры паслядоўных падзеі: Апошняя Вячэра, смерць на крыжы, пахаванне і ўваскрасенне.

Вялікі чацвер

Галоўнай тэма — устанаўленне Хрыстом Сакрамантаў Эўхарыстыі і святарства. Увечары шматлікія вернікі збіраюцца ў парафіяльным касцёле, каб разам перажываць асноўную падзею дня — Імшу Вячэры Пана, якой і распачынаецца Пасхальны Трыдуум.

Эўхарыстыя ў Вялікі чацвер на Імшы Вячэры Пана мае характар вельмі святочны. Апошняя Вячэра, якую Езус спажываў з апосталамі, была традыцыйнай пасхальнай вячэрай, якая прыгадвала выхад Юдэяў з егіпецкай няволі. Усе жэсты і словы Езуса, благаслаўленне хлеба і віна прыводзяць нас да габрэйскай традыцыі. Аднак Хрыстус надаў гэтай вячэры новы сэнс. Кажучы, што асвечаны хлеб з'яўляецца Яго Целам, а віно — Крывёй, устанавіў сакрамант Эўхарыстыі. Разам з тым Ён дае наказ апосталам: «Гэта чыніце на маю памяць». Традыцыя бачыць у гэтых словах устанаўленне святарства Новага Запавету ў Целе і Крыві Хрыста, асаблівае ўключэнне апосталаў і іх наступнікаў у адзінае святарства Хрыста.

У Вялікі чацвер усе музычныя прылады змаўкаюць пасля радаснага гімна Gloria напачатку Імшы. Могуць ужывацца толькі драўляныя трашчоткі. Звычай гэты ўзыходзіць яшчэ да VIII ст. — сімвал пакор і знявагі Хрыста, а таксама з'яўляецца ўспамінам пра тыя часы, калі музычныя прылады ў літургіі наогул не выкарыстоўваліся. Такі гук трашчотак мы чуем ва ўсіх набажэнствах аж да Вялікай суботы. І толькі ў час набажэнства ў Вялікую суботу на гімн "Хвала на вышынях Богу" міністранты звоняць зноў ва ўсе званочкі.

Літургію завяршае абрад перанясення Найсвяцейшага Сакраманту ў спецыяльна падрыхтаванае месца, якое сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту ў Гетсіманскім садзе. Удзячныя Езусу за дар Эўхарыстыі, мы будзем Яго адараваць, паколькі Ён сам прасіў аб гэтым сваіх вучняў: "Журботная душа мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце са Мной!".

Пасля літургіі з алтара здымаецца абрус, а табэрнакулюм застаецца пустым і прыадчыненым. Варта ўзгадаць, што да VIII ст. абрусы на алтары засцілаліся толькі на час здзяйснення Літургіі, а затым прыбіраліся. Аднак цяпер алтар пакрыты ўвесь час, а агаляецца толькі пасля перанясення Найсвяцейшых Дароў у Вялікі чацвер — сімвалічна азначае — пакіданне Хрыста самымі блізкімі людзьмі і Яго агаленне перад распяццем.
Вялікая пятніца

У Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і сціслы пост, які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары. Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў жыцця.

У Вялікую пятніцу не цэлебруецца святая Імша. Акрамя сакрамантаў пакаяння і паяднання (споведзі) і намашчэння хворых, у гэты і наступны дзень Касцёл не ўдзяляе ніякіх сакрамантаў.

Літургія Вялікае Пятніцы пачынаецца ў маўчанні. Працэсія праходзіць да алтара без крыжа і кадзіла, а таксама без свечак. Дайшоўшы да алтара, усе кленчаць, а святар кладзецца на падлозе ў прастрацыі (падае ніц, лягае крыжом). Усе стаюць на калені.

Літургія Слова ў Вялікую пятніцу звяртае асаблівую ўвагу на Мукі Хрыста, завяршаецца яна малітвай вернікаў, якая складаецца з 10 спяваных заклікаў. Усеагульная малітва мае асабліва святочны характар. У гэтым моманце Літургіі мы просім Бога, каб тое збаўленне, якое Хрыстос учыніў на Крыжы, стала ўдзелам усіх людзей. Малітоўна ахопліваем справы Касцёла і свету, просім аб людзях розных рэлігій і за неверуючых, таму што Касцёл з'яўляецца сакрамантам збаўлення ўсяго свету, а мы праз гэтую малітву выконваем нашую місію паўсюднага святарства.

Пасля заканчэння Літургіі Слова пачынаецца ўшанаванне Святога Крыжа. Святар выходзіць перад алтар і адкрывае па чарзе часткі Крыжа, спяваючы: "Вось дрэва крыжа, на якім вісеў Збаўца свету". Людзі адказваюць: "Пойдзем з паклонам". Пасля адкрыцця Святога Крыжа адбываецца яго ўшанаванне вернікамі.

Затым Літургія вядзе нас ад крыжа да Эўхарыстыі. Яна паказвае тое, што існуе цесная сувязь паміж ахвярай крыжа і ахвярай алтара – святая Камунія, якую мы прымаем з дароў кансэкраваных падчас Імшы Вячэры Пана з Вялікага чацвярга з'яўляецца нашай ежай дзеля жыцця вечнага. З'яўляецца таксама Плёнам, які даспеў на Дрэве Крыжа, на дрэве новага і несмяротнага жыцця. Пасля словаў "Вось Баранак Божы…" святар паказвае нам ужо не дрэва і знак, але сапраўднае Цела Хрыста. Мы прымаем Яго, таму што толькі Ён дае сапраўднае і поўнае жыццё.

Пасля святой Камуніі, Найсвяцейшы Сакрамант пераносіцца ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу. Затым пачынаецца адарацыя.
У Вялікую пятніцу, пачынаючы ад пантыфікату святога Паўла VI, у Паўсюдным Касцёле праводзіцца так званая Калекта (збор ахвяраванняў) на патрэбы супольнасці Касцёла ў Святой Зямлі. Сёння гэты Касцёл па розных прычынах знаходзіцца ў надзвычай цяжкай сітуацыі.

Кожны вернік, які прыйдзе ў касцёл 3 красавіка, у Вялікую пятніцу, можа прыняць удзел у сёлетняй Калекце і падтрымаць, па меры сваёй магчымасці, хрысціянскія супольнасці ў Святой Зямлі.

У Вялікую пятніцу распачынаецца Навэнна да Божай Міласэрнасці, якая трывае 9 дзён.

Вялікая субота

Вялікая субота — гэта дзень, калі ўвесь Хрыстовы Касцёл прабывае ў жалобе і святым маўчанні перад грабніцай свайго Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. На працягу ўсяго гэтага дня вернікі прыходзяць у касцёл, каб у малітоўнай цішыні пабыць сам-насам з Езусам у грабніцы.

У гэты дзень у нашай святыні з 9-ай гадзіны раніцы да 18-ай гадзіны вечара будзе адбываецца адарацыя Езуса ў Эўхарыстыі да якой усіх заахвочваем. Знайсці час на адарацыю Збаўцы, які аддаў за нас сваё жыццё, пакліканы сёння кожны хрысціянін.
Вялікая субота — таксама дзень падрыхтоўкі да святкавання, калі гатуюцца і бласлаўляюцца традыцыйныя велікодныя стравы. У іх знайшлі адлюстраванне асноўныя элементы пасхальнага сэдэру — старазапаветнай пасхальнай вячэры (гл. Зых 12, 1–8). Асвячэнне страў у нашай святыні адбудзецца а 11-ай, 13-ай, 15-ай і 18-ай гадзіне.

У гэты дзень вернікі таксама традыцыйна захоўваюць пост, як і ў Вялікую пятніцу.

Пасхальная Вігілія

У ноч з суботы на нядзелю паводле найстаражытнейшай традыцыі адбываецца чуванне (лац. вігілія) на ўшанаванне Пана. Вігілія гэтай ночы, якая з’яўляецца найважнейшай і найбольш значнай з усіх урачыстасцяў, уключае шмат прыгожых старадаўніх абрадаў. Пачынаецца яна з Літургіі святла, падчас якой адбываецца благаслаўленне агню і пасхала — вялікай свечкі, што з’яўляецца сімвалам Хрыста і важным элементам літургіі. Затым спяваецца старадаўні грыгарыянскі спеў Exsultet, у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана, пасля чаго ў Літургіі Слова, значна больш працяглай, чым звычайна, Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва. Трэцяя частка Вігіліі — гэта Літургія Хросту, падчас якой асвячаецца вада і адбываецца хрост тых, хто рыхтаваўся прыняць гэты сакрамант, а ўсе астатнія вернікі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, аднаўляюць свае хросныя абяцанні. Нарэшце, адбываецца Эўхарыстычная Літургія, у якой успамінаем смерць і ўваскрасенне Пана праз складанне ў постацях хлеба і віна ахвяры Яго Цела і Крыві. Пасля святой Імшы на досвітку адбываецца рэзурэкцыйная працэсія.


Паводле каталіцкіх сайтаў  vilejka-kasciol.by, catholic.by

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by