WYSIWYG Web Builder
Пальмовая нядзеля
29 сакавіка Пальмовай нядзеляй распачалі самы важны і ўрачысты перыяд у літургічным годзе – Вялікі тыдзень, які ўводзіць нас у настрой пасхальных святаў. Пальмовая нядзеля – асаблівы дзень у літургічным годзе: па сваім тэалагічным змесце, а таксама па прыгажосці захаванай продкамі традыцыі.
Літургія ў гэты дзень нагадвае пра ўрачысты ўезд Езуса ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Па словах евангелістаў “… мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і следам за Ім, усклікалі: Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вьшынях!" (Мц 21, 8–9).

Літургія Пальмовай нядзелі звяртае увагу на два моманты: радасную працэсіяю з пальмамі і чытанне Мукі Хрыстовай. Такім чынам, Касцёл падкрэслівае, што перамога Хрыста і Яго ахвяра непарыўна звязаныя паміж сабой.

На пачатку літургіі чытаецца Евангелле пра трыўмфальны ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем, пасля чаго святар асвячае галінкі вербаў і пальмаў, прынесеныя вернікамі. Звычай асвячэння пальмавых і вербных галінак з’явіўся ва ўсім Касцёле ў XI стагоддзі, а традыцыя вітаць галінкамі пальмаў і слаць іх на шляху караля сягае ў старазапаветную гісторыю Ізраэля.

Пальма сімвалізуе жывую веру хрысціяніна, што ідзе за Хрыстом-пераможцам, які “прыходзіць у Імя Пана”. Гэтая дарога заўсёды вядзе да вечнай славы на нябёсах. Несучы пальмы, вернікі прызнаюць у Езусе абяцанага Месію. Гэты жэст – відавочны знак адкрыцця сапраўднай ідэнтычнасці Езуса, хвала і пашана дапаможа ім адхіліць смутак і няўпэўненасць.
На Эўхарыстыю святары апранаюцца ў літургічнае адзенне чырвонага колеру. У гэты дзень падчас святой Імшы чытаецца або спяваецца апісанне Мукі Хрыста. Таму другая назва Пальмовай нядзелі — нядзеля Мукі Пана. Нягледзячы на гэта, урачыстасць мае радасны характар, бо з яе пачынаецца літургічны ўспамін падзеяў, у якіх здзейснілася збаўленне свету.

Хрысціянскія таямніцы веры ўзаемна прасякаюць адна адну: хвала і радасць ствараюць непадзельную цэласнасць з цярпеннем, а яно, у сваю чаргу, прадвяшчае ўваскрасенне і збаўленне. Удзел у літургіі Пальмовай нядзелі азначае згоду вернікаў прыняць крыж і цярпенне з Хрыстом. Згоду ісці да жыцця не іншым, а менавіта гэтым шляхам — шляхам, які паказаў нам Збаўца.
Ва ўрачыстасць Пальмовай нядзелі мы паглыбляемся ў Евангелле паводле Мацвея (Мц 21, 1–11), якое апісвае ўваход Езуса ў Ерузалем. Гэты фрагмент літургіі слова з’яўляецца пачаткам Вялікага тыдня, які вядзе нас праз пакуты да ўваскрасення. Падчас гаміліі, разважаючы над Словам Божым, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падкрэсліў, што евангеліст Мацвей паказвае нам Езуса як Месію і Караля, у асобе якога выконваюцца прароцтвы Старога Запавету. Апостал заахвочвае паглядзець на Хрыста, як на таго, каго абяцалі прарокі, у каго варта паверыць і за кім неабходна ісці.  "Няхай сённяшні дзень і для нас стане днём вызнання веры, каб ідучы ў касцёл і вяртаючыся да дому з галінкамі вербы, мы адчувалі сябе людзьмі, якія сустрэлі Хрыста і паверылі ў Яго" — пажадаў святар.
Жанна Закрэўская
29.03.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by