Як найлепш распачаць Вялікі пост? Аднаўляйма веру, надзею, любоў. Гэта крыніца духу пакуты і жадання ачышчэння. Нельга заставацца на адным месцы. Трэба ісці наперад — гэта значыць узрастаць у святасці, адступіць назад — адмовіцца ад нармальнага развіцця ў сваім хрысціянскім жыцці. Сёння Вялікі пост ставіць нас перад фундаментальнымі пытаннямі: ці ўзрастаю я ў сваёй вернасці Хрысту; у імкненні да святасці; у апостальскай велікадушнасці майго штодзённага жыцця, маёй звычайнай працы сярод калегаў?" Словы святога Хосэмарыя Эскрыва, прамоўленыя 70 гадоў назад, надзвычай актуальныя сёння.
Што самае галоўнае ў Вялікім посце? Касцёл адказвае: пост, міласціна і малітва, якія павінны дапамагчы нам паглыбіць любоў да Бога і бліжняга, аднавіць веру, надзею і любоў. Хоць у нашы дні ад вернікаў не патрабуецца радыкальнай аскезы ў галіне харчавання, варта усё ж пераглядзець свой рацыён, каб ён быў больш сціплым, чым звычайна. Устрыманне ад мяса абавязковае ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Такое ўстрыманне абавязковае для вернікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Абавязак устрымання ад мяса не датычыць спажывання яек, малочных прадуктаў і дадаткаў з жывёльнага тлушчу да страваў (пар. Апостальская Канстытуцыя Paenitemini, III. — § 1).
У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (сціслы пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары (пар. Paenitemini, III. — § 2). Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў жыцця. “Аднак пастырам, а таксама бацькам варта паклапаціцца, каб і тыя, для каго ў сілу больш юнага ўзросту закон посту і ўстрымання яшчэ не абавязковы, выхоўвалі ў сабе сапраўднае пачуццё пакаяння” (кан. 1252 ККП).
Але найважней адмовіцца ад удзелу ў забаўляльных мерапрыемствах. Умеркаванасць у падыходзе да ежы, піцця і забаваў дапамагае чалавеку здабыць унутраную гармонію і спакой. Пост адкрывае нас таксама на іншых людзей, якім патрэбна дапамога.
Вядома, што ўсебаковая праца над сабою і належная падрыхтоўка да пасхальных святаў немагчымы без малітвы. Падчас Вялікага посту традыцыйна ў Касцёле адбываюцца набажэнствы Крыжовага шляху і Песні жальбы.
Крыжовы шлях і Галгофа. У раннім сярэднявеччы ў Іерусаліме спрабавалі адкрыць Крыжовы шлях Хрыста. Звычай пабожных перажыванняў Ягоных пакутаў увайшоў у ХІІ–ХІІІ стст. у Касцёл дзякуючы духоўнасці францішканаў і дамініканаў, а таксама цыстэрцыянскіх містыкаў. Былі пабудаваны капліцы — у памяць стацый пакут Езуса; такім чынам ствараліся і Кальварыі. У нашай парафіі Крыжовы шлях (Крыжовая дарога) будзе адбывацца кожную пятніцу а 18-ай гадзіне.
Песні жальбы (і пасійныя казанні) — набажэнства, створанае на падабенства святарскай малітвы (Брэвіярыя). Песні жальбы ўзніклі ў Польшчы на пачатку ХVІІІ ст. (1707 г.). Першы раз іх праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве. У хуткім часе гэтае набажэнства стала адным з найбольш папулярных набажэнстваў Вялікага посту і на нашай зямлі.
Разважанне над пакутамі Хрыста ў Песнях жальбы спрыяе духу пакаяння, а перадусім мае на мэце служыць нашаму навяртанню. Яно складаецца з трох частак, элементамі якога з’яўляюцца «Натхненне» і тры малітвы. Кожная частка мае сваю ўласную мелодыю. З нагоды гэтага набажэнства часта прамаўляюцца спецыяльныя казанні — пасійныя пропаведзі (пра Муку Пана). Запрашаем на Песні жальбы ў нядзелю ў 7.30 і 12.30.
Такім чынам, малітва — дазваляе нам выйсці на шлях сяброўства з Богам Збаўцам, а пост і міласціна — вучаць быць свабоднымі ад людскіх прыхільнасцяў, абмяжоўваць сябе, вучаць любові, бескарыслівасці, устрыманасці, разважлівасці.
Перыяд Вялікага посту – гэта не толькі цяжкая праца над сабою, але і час, калі Бог шчодра дае нам сваю ласку. Вялікі пост — спрыяльны час для пакаяння. Касцёл заахвочвае зрабіць на перыяд посту канкрэтную пастанову. Якія пастановы трэба рабіць? Мы не знойдзем універсальнага адказу на гэтае пытанне. Кожны павінен вырашыць сам, над чым яму неабходна працаваць, каб годна падрыхтавацца да Змёртвыхпаўстання Пана. Прымірыцца з роднымі, суседзямі ці калегамі па працы, аказаць матэрыяльную ці фізічную дапамогу тым, хто гэтага патрабуе, павысіць свой духоўны ўзровень праз чытанне Божага Слова і рэлігійнай літаратуры і г.д. Спіс можна працягваць бясконца. Галоўнае, каб пастанова была важнай для нашага асабістага ўзрастання і мела канкрэтную інтэнцыю, дзеля чаго ці дзеля каго я гэта раблю.
Жанна Закрэўская