Распачынаючы Вялікі Пост, мы чулі заклік да навяртання і веры, каб такім чынам наследаваць прыклад самога Хрыста, Які, перш чым распачаць публічную дзейнасць, сам прыняў саракадзённы пост. Ідучы гэтым шляхам, мы становімся здольнымі браць удзел у перамозе Хрыста над грахом і смерцю не толькі ў перспектыве вечнасці, але ўжо цяпер, у нашым зямным жыцці. Гэтая перамога і заключаецца ў падпарадкаванні закону Любові і шанаванні годнасці кожнага чалавека і яго жыцця. Прыняты сэрцам спакой Хрыстовы становіцца сведчаннем і крыніцай новага жыцця ў гэтым свеце, яго радасці і сэнсу.
Папа Леў ХІV, кажучы пра ўваскрасенне Хрыста, аднойчы назваў яго “выбухам жыцця і радасці, які змяняе сэнс рэчаіснасці”. Няхай і сёлетняе святкаванне Вялікадня стане, паводле слоў Папы, чарговым лекам на “сучасны смутак, які пазбаўляе людзей сэнсу і радасці жыцця”.
Жадаю ўсім нам, каб Святло Велікоднай раніцы, асвяціўшы гэты свет, умацавала ў ім надзею на канчатковую перамогу дабра і справядлівасці, а нашыя сэрцы напоўніла Божым спакоем і той сапраўднай радасцю, якую нясе з сабой Хрыстовае ўваскрасенне. Міру, згоды і Божага бласлаўлення кожнаму вашаму дому і ўсёй нашай роднай Беларусі!
Хрыстос Уваскрос! Са Святам!