WYSIWYG Web Builder
Набажэнства падзякі за пражыты год
У апошні дзень каляндарнага года ў касцёлах традыцыйна цэлебруецца набажэнства падзякі. У нашай святыні гэтае адмысловае малітоўнае чуванне распачалося а 17-ай гадзіне з выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту.
Пасля набажэнства адбылася святая Імша. Напрыканцы Эўхарыстыі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці ўсім вернікам, якія на працягу года аказвалі падтрымку парафіяльнай супольнасць. Святар выразіў упэўненасць, што кожная, нават самая найменшая добрая справа, не застанецца незаўважанай у  Бога.

Узгадваючы пражыты год нам ёсць за што дзякаваць Пану Богу. Найперш: за Эўхарыстыю і святыя сакраманты, за рэкалекцыі і душпастырскую навуку, за магчымасць духоўнага ўзрастання і рэлігійнага развіцця.

У парафіі рэгулярна праходзяць заняткі па рэлігіі, арганізуецца падрыхтоўка да святых сакрамантаў. Дзіцячы і дарослы хор, а таксама група моладзі ўпрыгожваюць сваімі спевамі Эўхарыстыю і іншыя набажэнствы. Паслугу ў цэлебрацыі святой Імшы аказвае літургічная служба алтара, якая складаецца як з вопытных міністрантаў, так і з маленькіх хлопчыкаў, якія толькі нядаўна далучыліся.

У парафіі дзейнічаюць малітоўныя рухі: Жывы Ружанец, Апостальства добрай смерці і Апостальства дапамогі душам чыстцовым. Іх удзельнікі моляцца не толькі дома, але таксама кожны месяц збіраюцца на супольную Эўхарыстыю. У кастрычніку нашы парафіяне прынялі ўдзел у ІV Дыяцэзіяльным спатканні груп Апостальства дапамогі душам чыстцовым у Полацку.

У парафіі, акрамя традыцыйных малітоўных набажэнстваў, адбываюцца сустрэчы для дзяцей і моладзі, у тым ліку на дыяцэзіяльным узроўні. 3 студзеня ў Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў чарговы фестываль каляднай песні "Зорка Бэтлеема".

Летам адбыліся дзве пілігрымкі: велапілігрымка Мёры-Браслаў і аўтобусная пілігрымка па святынях Пастаўскага краю, якія спрыялі духоўнаму і культурнаму ўзбагачэнню вернікаў.

На працягу года зменшыўся колькасны склад святароў у дэканаце, што выклікала пэўныя змены. У сувязі з тым, што дэкан Мёрскі ксёндз Андрэй Кулік адзін абслугоўвае тры парафіі: Міёры, Новы Пагост і Барадзінічы, змяніўся расклад святых Імшаў у нядзелю і святы. З-за шчыльнага раскладу, няма магчымасці святой споведзі перад Імшой а 13-ай гадзіне. 

Пастаянна вядзецца работа па добраўпарадкаванні і аздабленні святыні. На ахвяраванні парафіянаў у касцёле былі ўсталяваныя два вітражы: святога Яна Хрысціцеля і святога Міхала Арханёла, заменены дзверы бакавога ўваходу у святыню, праводзяцца іншыя работы.

Мы даўно прызвычаіліся, што ў нашай святыні заўсёды цёпла, чыста і ўтульна. У залежнасці ад літургічнага календара ладзяцца адпаведныя дэкарацыі, а касцёл упрыгожваюць цудоўныя кампазіцыі з кветак. Усе гэты і іншыя справы, якія мы часцей за ўсё не заўважаем, заслуга тых, хто нягледзячы на свае ўласныя клопаты і абавязкі, аказвае падтрымку парафіяльнай супольнасці і Касцёлу.

Каб наша парафія надалей развівалася і была адной сям’ёй у Хрысце, важна ўсё: малітва за святароў, парафію і яе дабрадзеяў; прыклад нашага ўласнага хрысціянскага жыцця; любоў, міласэрнасць і павага да іншага чалавека; малітоўная, матэрыяльная і фізічная падтрымка супольнасці ў залежнасці ад магчымасцей кожнага чалавека. Спраў у касцёле заўсёды шмат, таму заахвочваем вернікаў актыўна далучацца да іх.
Жанна Закрэўская

31.12.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by