Набажэнства падзякі за пражыты год
У апошні дзень каляндарнага года ў касцёлах традыцыйна цэлебруецца набажэнства падзякі. У нашай святыні гэтае адмысловае малітоўнае чуванне распачалося а 17-ай гадзіне з выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту.
Пасля ружанцовай малітвы адбылося набажэнства, якое складалася з трох этапаў: перапрашэння за ўчыненыя грахі, падзякі за атрыманыя дары і ласкі, просьбы аб падтрымцы ў надыходзячым новым годзе. А потым, узносячы хвалу і пашану Пану Богу, усе разам праспявалі гімн "Цябе, Бога, праслаўляем". Завяршылася набажэнства бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам, пасля якога адбылася святая Імша.

Напрыканцы Эўхарыстыі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці ўсім вернікам, якія на працягу года падтрымлівалі парафіяльную супольнасць.

Якім жа быў гэты год для нашай парафіі? Узгадаем некалькі асноўных момантаў:

- 4 студзеня ў Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся чарговы фестываль каляднай песні "Зорка Бэтлеема".

- 2 красавіка, у Пальмовую нядзелю, канцлер Курыі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз канонік Віктар Місевіч, у прысутнасці шматлікіх вернікаў, асвяціў фігуру апостала Мацея, якая напярэдадні была ўстаноўлена ў нашай святыні;

- 14 мая дваццаць тры дзіцяці ўпершыню прынялі святую Камунію;

- 15 жніўня ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўдзяліў сакрамант канфірмацыі;

- 24 верасня ў нашай парафіі распачаў душпастырскую дзейнасць у якасці вікарыя ксёндз Алег Зямчонак;

- 27 лістапада адбыўся абрад удзялення паслугі лектара тром кандыдатам.

Азіраючыся на пражыты год, мы можам быць удзячныя Богу, што сярод нашых вернікаў ёсць шмат неабыякавых да спраў касцёла людзей. У парафіі дзейнічаюць малітоўныя рухі: Жывы Ружанец, Апостальства добрай смерці і Апостальства дапамогі душам чыстцовым. Рэгулярна праходзяць заняткі па рэлігіі, арганізуецца падрыхтоўка да святых сакрамантаў. Паслугу ў цэлебрацыі святой Імшы аказвае літургічная служба алтара, якая складаецца як з вопытных міністрантаў, так і з маленькіх хлопчыкаў, якія толькі нядаўна далучыліся. Дзіцячы і дарослы хор, а таксама група моладзі ўпрыгожваюць сваімі спевамі Эўхарыстыю і іншыя набажэнствы.

Пад кіраўніцтвам парафіяльнай рады на працягу года вялася работа па добраўпарадкаванні святыні. Дзякуючы ахвяраванням парафіянаў і дапамозе дабрадзеяў завершаныя ўнутраныя работы і ўсталяваны алтар у капліцы на новых могілках, зробленыя гранітныя прыступкі галоўнага і ўсіх бакавых уваходаў у касцёле.

У нашай святыні заўсёды чыста і ўтульна, з ранняй вясны да позняй восенні прыкасцёльная тэрыторыя зіхаціць кветкамі, а сам касцёл упрыгожваюць цудоўныя кампазіцыі. Усе гэты і іншыя справы, якія мы часцей за ўсё не заўважаем, заслуга тых, хто нягледзячы на свае ўласныя клопаты і абавязкі, аказвае падтрымку парафіяльнай супольнасці і касцёлу. Наўмысна ў артыкуле не ўзгадваюцца імёны і прозвішчы, каб выпадкова не пакінуць каго-небуць без належнай увагі. Пан Бог, як ніхто іншы, ведае сэрца і патрэбы кожнага чалавека, таму заахвочваем да малітвы за тых, хто розным спосабам клапоціцца пра нашу супольнасць і святыню. 
Жанна Закрэўская

31.12.2023
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by